БЕЛ   ENG


 

Галоўная / Бюлетэнь / «За свабоднае веравызнанне» № 6, снежань 2004 — студзень 2005







Святочная сустрэча



Сустрэчу пачалі Ірына Жыхар і пастар Георгій Вязоўскі


Актывісты Грамадзянскай ініцыятывы «За свабоднае веравызнанне» былі запрошаны на сустрэчу ў рэфармацкую баптысцкую царкву «Запавет Хрыста», якая дзейнічае ў Мінску. 26 снежня пасля ранішняй багаслужбы яе вернікі і пастар Георгій Вязоўскі працягвалі святкаванне Божага нараджэння. Іх радасць падзялялі госці, сярод якіх былі і прадстаўнікі іншых пратэстанцкіх цэркваў, абшчыны якіх не былі перарэгістраваны паводле новага Закона «Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях». Усе прысутныя разам спявалі традыцыйныя калядныя песні і «Магутны Божа», слухалі інструментальную музыку ў цудоўным выкананні братоў-кальвіністаў.

Прадстаўнікі Грамадзянскай ініцыятывы «За свабоднае веравызнанне» распавялі пра сваю дзейнасць і яе матывы, пазнаёмілі прысутных з палажэннямі Закона 2002 года, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісаным краінай міжнародным пагадненням, заклікалі вернікаў кіравацца Божымі запаведзямі не толькі ў дачыненнях са сваімі аднадумцамі, але і ўсімі навакольнымі людзьмі, жыць з імі ў міры і згодзе, а ўсе непаразуменні рабіць прадметам адкрытага і сумленнага дыялогу, не спрабуючы паставіць на сваім любым коштам.

Гучыць камерная музыка

Шчырыя, грунтоўныя выступы былі выслуханы з цікавасцю і ўвагай. Найбольш пытанняў задалі прысутныя юрысту Сяргею Шаўцову: у кожнай абшчыне кантакты з чыноўнікамі час ад часу ствараюць праблемы, выклікаюць канфліктныя сітуацыі. З боку Ініцыятывы ў святочнай сустрэчы бралі ўдзел Ірына Жыхар, Таццяна Новікава, Валянціна Трыгубовіч, Якаў Басін, Артур Ліўшыц, Уладзімір Мацкевіч, Сяргей Шаўцоў. Экспанавалася таксама выстава, падрыхтаваная актывістамі Ініцыятывы, якая знаёміла з гісторыяй рэлігійнага жыцця ў Беларусі.

Вера Татур


 
 

 
Усеагульная дэкларацыя
правоў чалавека


Кожны чалавек мае
права на свабоду думкі,
сумлення і рэлігіі...
Канстытуцыя
Рэспублікі Беларусь


Кожны мае права
самастойна вызначаць
свае адносіны да рэлігіі...
Міжнародны Пакт
аб грамадзянскіх і палітычных
правах