Рэфарматы. Свае ці чужыя?
(Заканчэнне. Пачатак у № 5 бюлетэня «За свабоднае веравызнанне».)
У 70-я гады XIX стагоддзя з Расіі ў Беларусь прыходзяць евангельскія хрысціяне — баптысты. Хоць баптызм узнік у Заходняй Еўропе (першы баптысцкі збор вядомы з 1609 года, быў утвораны англійскімі эмігрантамі ў Амстэрдаме), у Беларусь ён прыйшоў праз Расію, дзе ў гэты час аднавіліся рэлігійныя пошукі, якія адразу ж трапілі пад уплыў рэлігійных суполак нямецкіх каланістаў. Сярод праваслаўных вернікаў было шмат незадаволеных афіцыйнай царквой, якая пасля рэформаў Пятра І цалкам страціла незалежнасць ад дзяржавы, стала ідэалагічным дэпартаментам імперыі, а таму не магла адпавядаць духоўным патрабаванням свайго часу. З аднаго боку, гэта зрабіла большую частку расіян абыякавымі да рэлігіі і да Бога, чым потым скарыстаюцца бальшавікі. З другога боку, гэта падштурхоўвала вернікаў да ерасяў, якія пераследаваліся ўладамі. Такія вернікі (малакане ды іншыя) або самі ад’язджалі з радзімы, або іх высылалі на пустыя землі на поўдні Украіны, у Крыме, на Каўказе і ў Паволжы. Там жа выдзяляліся землі для нямецкіх каланістаў, якія звычайна былі вернікамі адной канфесіі, нават адной царквы, і засноўвалі свае калоніі, каб жыць грамадой ці камунай. Асабліва гэта тычыцца менанітаў. Менавіта яны паспрыялі евангелізацыі сваіх рускіх ды ўкраінскіх суседзяў. Ёсць звесткі, што яны нават перакладалі Біблію на калмыцкую мову. А можа, і на мовы іншых народаў, з якімі суседнічалі. Так узнікалі рускамоўныя евангелічныя хрысціянскія суполкі. Потым да гэтых суполак далучыліся арыстакраты з Пецярбурга і іншых гарадоў, сярод якіх прапаведавалі англійскія місіянеры-баптысты. Такое спалучэнне і прывяло да ўзнікнення своеасаблівага феномена — евангелічных хрысціянаў-баптыстаў.
Калі ідэі евангелічных хрысціянаў-баптыстаў патрапілі ў Беларусь і Заходнюю Украіну, то тут яны знайшлі невялікія пратэстанцкія абшчыны, якія захаваліся яшчэ з XVI — XVII стагоддзяў, а таксама сустрэліся з тымі, хто вяртаўся на радзіму з Амерыкі, дзе яны не толькі зараблялі грошы, але і далучаліся да хрысціянскай веры і праходзілі пачатковую евангелізацыю. Такім чынам, спалучэнне мясцовых вернікаў з новым актыўным місіянерскім уплывам евангельскіх хрысціянаў і амерыканскай дапамогай прывяло да хуткага пашырэння абшчынаў гэтага сінкрэтычнага накірунку, а потым і да таго, што гэты рух цалкам паглынуў рэшткі аўтахтонных беларускіх і ўкраінскіх пратэстантаў. Захаваліся можа толькі тыя са старых пратэстанцкіх збораў, якія былі звязаны з этнічнымі адметнасцямі, напрыклад, нямецкія лютэране, венгерскія рэфарматы-кальвіністы ў Закарпацці, і рэфармацкія суполкі ў Жамойці, на былых радзівілаўскіх землях. Захавалася таксама некалькі збораў у буйных гарадах. Так, у Мінску рэфармацкі збор існаваў да самай рэвалюцыі, апошні спіс членаў збору датаваны 1914 годам, г.зн. складзены непасрэдна перад нямецкай акупацыяй.
На пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі з’явіліся і пяцідзесятнікі. Гэтая плынь трапіла да нас непасрэдна з ЗША, адкуль пачалі вяртацца тыя з эмігрантаў, якія не мелі намеру заставацца жыць у Амерыцы, а імкнуліся толькі зарабіць грошай, каб прыдбаць уласную гаспадарку на радзіме. У першую чаргу гэта датычыць Заходняй Беларусі, Палесся, таму што тут захоўвалася прыватная ўласнасць. На Усходнюю Беларусь эмігранты не вярталіся. Хоць і там пяцідзесятнікі таксама з’явіліся ў 1920-ыя — 1930-ыя гады, але іншым шляхам, праз місіянераў-варанаяўцаў (ад прозвішча аднаго з актыўных пастараў пяцідзесятнікаў у СССР — І. Варанаева). Пяцідзесятніцкія цэрквы вядомыя пад назвай Царквы Хрысціянаў веры евангельскай (ХВЕ). Пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі ў 1944 годзе была створана адзіная Царква ХВЕ Беларусі, Украіны і Літвы (з цэнтрам у Баранавічах) на чале з епіскапам І.Панько. Потым яна далучылася да аналагічнага аб’яднання ў межах СССР, а праз год баптыстаў і пяцідзесятнікаў СССР прымусова спалучылі ў адзіны саюз. Частка збораў і абшчынаў адмовілася ўступаць у якія-кольвек саюзы. Яны існавалі самастойна, дзейнічалі ў падполлі. Да 90-ых гадоў ХХ стагоддзя пяцідзесятнікі былі самай дынамічнай і распаўсюджанай пратэстанцкай царквой ў Беларусі. Потым эстафету падхапілі так званыя харызматы, або Хрысціяне Поўнага Евангелля.
Харызматы — гэта не нейкая асобная канфесія, гэта вонкавая назва шматлікіх хрысціянскіх рухаў і ініцыятываў, якія ахапілі ў 1980-ыя — 1990-ыя гады розныя цэрквы ў ЗША і ў іншых краінах. Некаторыя са старых цэркваў пад уплывам харызматычных прапаведнікаў (казацеляў) абнавілі свае погляды, прынцыпы і жыццё. Абнаўленне не закранае дактрынальнага апірышча і Евангелля, не прыводзіць да перагляду асноўных прынцыпаў Рэфармацыі. Хоць не заўсёды імпэтным нованавернутым хапае тэалагічнай адукацыі і падрыхтоўкі, яны кампенсуюць гэтыя недахопы за кошт харызмы і актыўнасці. Менавіта паслядоўнікамі харызматычных цэркваў ствараюцца новыя суполкі і абшчыны на абшарах былога СССР. Напрыклад, царква «Новае пакаленне», якая пачала сваё пашырэнне з Рыгі, цяпер мае каля двух дзесяткаў цэркваў у Беларусі. Галоўная царква «Новага пакалення» месціцца ў Баранавічах, а ўсе разам яны ўваходзяць у аб’яднанне Хрысціянаў Поўнага Евангелля.
Сёння ў Беларусі дзейнічаюць некалькі адгалінаванняў Рэфармацыі: як старыя — рэфарматы-кальвіністы і лютэране, так і новыя — баптысты, пяцідзесятнікі, харызматы. Новыя яны не таму, што гэта нешта цалкам іншае. Шмат таго, што вызнаюць хрысціяне новых дэнамінацыяў, ведалі ўжо хрысціяне XVI стагоддзя. Баптызм, напрыклад, шмат чаго агульнага мае з менанітамі, чэшска-братэрскай царквой і з анабаптыстамі, якія былі амаль самым распаўсюджаным рэфармацкім рухам у ВКЛ у XVI стагоддзі. Проста своечасова не адбылося пераемнасці новых дэнамінацыяў ад тых, што ўзніклі ў Залатым Веку. Аднак вернікі ўсіх рэфармаваных цэркваў адзначылі ў 2003 годзе юбілей — 450-годдзе Рэфармацыі ў Беларусі і Вялікім Княстве Літоўскім. Усе, так ці інакш, памятаюць свае гістарычныя карані.
Таму не трэба разглядаць новыя пратэстанцкія канфесіі як гістарычна чужыя, як цалкам запазычаныя. Адкуль бы ні прыходзілі новыя дэнамінацыі, з Расіі ці з Амерыкі, яны проста вяртаюцца да нас. Калісьці вернікі беглі ў Амерыку ад пераследу Контррэфармацыі, а потым ад рэлігійнай нецярпімасці і ксенафобіі. Беглі і засноўвалі калоніі ў Новым Свеце. Пурытане-кальвіністы — Масачусетс, шведы лютэране — Дэлавэр, галандскія рэфарматы — Нью-Йорк, католікі — Мэрыленд, квакеры — Пенсільванію і гэтак далей. Нямецкія менаніты і гернгутэры (нашчадкі мараўскіх братоў — паслядоўнікаў Яна Гуса) сяліліся ў стэпах каля Волгі і Дона. Ад’язджалі і вернікі з Беларусі. Яны беглі ад пераследу, захоўвалі веру бацькоў, і мы павінны быць ім удзячныя за гэта.
Калі Бог дасць, калі ёсць на гэта воля Яго, то больш ніколі з Беларусі не давядзецца бегчы, хаваючыся ад пераследу за веру. Мы павінны ўсталяваць на Радзіме сапраўдную верацярпімасць, каб кожны мог вызнаваць сваю веру, як падказвае яму ўласнае сумленне, а не ўлады ці нейкая большасць.
Уладзімір Мацкевіч
|