Да ўвагі тых, хто стаў чытачом бюлетэня «За свабоднае веравызнанне» ў 2005 годзе
Грамадзянская ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне» паўстала 12 чэрвеня 2002 года як рэакцыя грамадзян Беларусі на прыняты ў першым чытанні новы Закон аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях, які ўтрымлівае нормы, што не адпавядаюць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным абавязкам, якія ўзяла на сябе дзяржава. Сярод тых, хто першымі падпісалі заяву Ініцыятывы, былі вядомыя ў краіне грамадскія і рэлігійныя дзеячы, жанчыны і мужчыны, людзі рознага ўзросту і адукацыі, розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.
Мэты:
не дапусціць парушэння правоў чалавека на свабоду думкі, сумлення, рэлігіі, перакананняў і свабоднага іх выказвання;
садзейнічаць зберажэнню талерантнасці і духоўнай свабоды;
дамагацца ліквідацыі ўсіх формаў нецярпімасці і дыскрымінацыі паводле рэлігіі або перакананняў.
Дзеянні:
24 чэрвеня 2002 года Ініцыятыва правяла ў Мінску грамадскія слуханні, на якіх прысутнічала больш як 150 зацікаўленых асобаў;
падрыхтавала заўвагі і прапановы ў законапраект;
атрымала экспертныя заключэнні аўтарытэтных спецыялістаў з іншых краінаў;
сабраныя публікацыі па рэлігійнай сітуацыі і заканадаўчых ініцыятывах у прэсе Беларусі ў выглядзе «Белай кнігі» былі прадастаўлены зацікаўленай грамадскасці, журналістам, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Пасля прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» без уліку меркавання незалежных правазнаўцаў і шырокай грамадскасці актывісты Ініцыятывы вырашылі працягваць сваю працу, весці інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць. У 2002 — 2004 гадах яны ўдзельнічалі ў прэс-канферэнцыях, «круглых сталах», семінарах, розных сустрэчах у нашай краіне і за мяжой, у тым ліку ў канферэнцыях і сустрэчах АБСЕ ў Вене і Варшаве, выступалі на міжнародных канферэнцыях «Рэлігія і дэмакратыя: Усход — Захад » у Вільнюсе, «Актуальныя праблемы рэалізацыі права на свабоду сумлення і веравызнання» ў Маскве; публікавалі свае артыкулы ў масавым друку і спецыялізаваных выданнях. Выдалі «Белую кнігу» (другі выпуск).
Намеры:
падрыхтаваць у 2005 годзе «Белую кнігу», трэці том;
весці маніторынг і аналіз узаемадачыненняў дзяржавы і вернікаў у рамках новага Закона;
спрыяць асветніцкай дзейнасці ў розных рэгіёнах Беларусі.
Свабода сумлення і свабода веравызнання з’яўляюцца аднымі з асноватворных правоў чалавека, таму
— калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне вашых правоў,
— калі вам патрэбна парада ў справе абароны сваіх правоў,
— калі вы імкнецеся спрыяць станаўленню ў Беларусі грамадзянскай супольнасці праз верацярпімасць яе жыхароў,
звяртайцеся ў Грамадзянскую ініцыятыву «За свабоднае веравызнанне».
|