БЕЛ   ENG


 

Галоўная / Бюлетэнь / «За свабоднае веравызнанне» № 13, спецвыпуск 2006







Будзьма разам!





Гэты нумар бюлетэня цалкам прысвечаны змаганню мінскай поўнаевангельскай царквы «Новае жыццё» за гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь права на свабоду веравызнання, адстойванню вернікамі ўласнасці абшчыны, набытай законным шляхам. І той салідарнасці, якую выказалі ім тысячы людзей з розных краін.

Не пачутыя ўладу маючымі, зняважаныя неаб’ектыўнымі судовымі рашэннямі, пратэстанты абвясцілі пост-галадоўку. Акцыя доўжылася 23 дні. У ёй удзельнічалі сотні людзей. Вынікам стала адмена ўсіх 11 ранейшых судовых рашэнняў, у тым ліку аб прымусовым выкупе будынка, які належыць царкве.

У гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь гэта была першая такая масавая і паспяховая галадоўка пратэсту. Варта адзначыць самаадданасць вернікаў, гатовых за свае перакананні стаяць да канца, рызыкуючы жыццём і здароўем, дакладную арганізацыю працы ўсіх абшчынных структур — аператыўнасць і дынамізм аддзела інфармацыі, уражальную пільнасць службы аховы, мудрыя рашэнні каардынацыйнага штаба.

Беспрэцэдэнтнай была і салідарнасць з галадоўшчыкамі. Верні¬каў поўнаевангельскай царквы «Новае жыццё» падтрымлівалі не толькі пратэстанты, шырэй — хрысціяне, але таксама іудзеі, вернікі іншых рэлігій, палітыкі і грамадскія дзеячы, агностыкі і атэісты. Многія такім чынам адстойвалі дэмакратычныя каштоўнасці, баранілі правы чалавека.

Падрыхтоўка гэтага бюлетэня завяршаецца ў той час, калі галадоўку пратэсту пачынаюць каталікі ў Гародні: дзесяць гадоў яны не могуць атрымаць ад уладаў дазволу на будаўніцтва храма. Адным з першых ліст падтрымкі даслаў ім пастар царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка.

Змаганне за свабоду веравызнання ў Беларусі, марафон салідарнасці не спыніць.


Валянціна ТРЫГУБОВІЧ


 
 

 
Усеагульная дэкларацыя
правоў чалавека


Кожны чалавек мае
права на свабоду думкі,
сумлення і рэлігіі...
Канстытуцыя
Рэспублікі Беларусь


Кожны мае права
самастойна вызначаць
свае адносіны да рэлігіі...
Міжнародны Пакт
аб грамадзянскіх і палітычных
правах