БЕЛ   ENG


 

Галоўная / Бюлетэнь / «За свабоднае веравызнанне» № 15, люты — красавік 2007







Абарона права на свабоду сумлення






22 красавіка ў Беларусі пачалася Кампанія па абароне права на свабоду сумлення. Хрысціяне розных канфесій — католікі, праваслаўныя і пратэстанты, а таксама прадстаўнікі грамадскасці, аб’ядналі свае намаганні дзеля збору подпісаў, каб падаць у Канстытуцыйны Суд хадайніцтва пра ўнясенне зменаў у дзейны Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях».


Асобныя палажэнні гэтага закону выклікалі пярэчанні з боку праваабаронцаў яшчэ падчас яго прыняцця ў 2002 годзе. Беларускія і замежныя незалежныя эксперты звярталі ўвагу распрацоўшчыкаў на тыя палажэнні закону, якія пярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным пактам, падпісаным нашай краінай. На жаль, іх голас не быў пачуты заканадаўцамі.

Правапрымяняльная практыка мінулых чатырох гадоў сведчыць пра шматлікія парушэнні правоў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды веравызнання. Святары розных канфесій караюцца штрафамі і адміністратыўнымі арыштамі за правядзенне богаслужэнняў; чыноўнікі сістэматычна не даюць дазволаў на правядзенне богаслужэнняў, на ўзвядзенне культавых будынкаў або перапрафіляванне існуючых будынкаў у культавыя; па фармальных прычынах ліквідуюцца рэлігійныя абшчыны, высылаюцца з краіны святары-замежнікі і г. д.

Удзельнікі Кампаніі кіруюцца перакананнем, што правы на жыццё, працу, свабоду сумлення, веры, слова дадзены нам Богам ад нараджэння, яны — неад’емныя. А паколькі не ўлада, не дзяржава дае нам гэтыя правы, то яна не мае права іх адбіраць.

Кампанія па абароне права на свабоду сумлення ставіць такія мэты:

— сабраць некалькі дзесяткаў тысяч подпісаў за ўнясенне зменаў у Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»;

— звярнуцца ў вышэйшыя беларускія і міжнародныя ўстановы, каб дамагчыся змены Закону ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі;

— распавесці грамадству пра парушэнні правоў вернікаў, пра тое, што гэты закон парушае правы кожнага грамадзяніна;

— аб’яднаць дзеля абароны сваіх правоў усіх неабыякавых грамадзян Беларусі.

«Пакуль ганенні не закранулі кожнага, — заклікаюць ініцыятары Кампаніі, — будзем салідарныя з пацярпелымі, зробім усё магчымае, каб спыніць беззаконне!».

Паводле нашых назіранняў, збор подпісаў ідзе вельмі актыўна. І па ўсёй Беларусі.


Вера Татур


Для кантактаў з каардынатарамі Кампаніі:
svabodavery@gmail.com
ViktarZagorski@gmail.com
Прэс-сакратар Сяргей Луканін:
тэл. (+375 29) 636 52 40.
 
 

 
Усеагульная дэкларацыя
правоў чалавека


Кожны чалавек мае
права на свабоду думкі,
сумлення і рэлігіі...
Канстытуцыя
Рэспублікі Беларусь


Кожны мае права
самастойна вызначаць
свае адносіны да рэлігіі...
Міжнародны Пакт
аб грамадзянскіх і палітычных
правах