БЕЛ   ENG


Галоўная / Маніторынг і аналітыка / Аўтакефалія










А. С.

Любоў да свайго народу ці нацыяналізм?
Біблейскі аспэкт




“Нацыянальная ідэя, гэта ня тое, што кожны народ думае аб сабе ў часе, а тое, што Бог думае аб кожным народзе ў вечнасьці”.
(Мікалай Бярдзяеў)


Пытаньне пра адносіны хрысьціянства да нацыянальнага жыцьця й месца нацыянальнага элемэнту ў Царкве (вельмі важнае й актуальнае для беларусаў сёньня з гледзішча на пэрспэктывы нацыянальнага адраджэньня) наўмысна скажонае і заблытанае як несумленнымі багасловамі, гэтак і прыхільнікамі так званага зьліцьця нацыяў савецкага пэрыяду ды іхнымі нашчадкамі – гора-інтэгратарамі панславістамі. З нацыяналізму, які ў здаровых сваіх праявах і формах не прэтэндуе ні на што болей, як толькі на любоў і павагу да свайго народу, зрабілі нейкую пачвару, жупел, а слова “нацыяналіст” і цяпер на постсавецкай прасторы – небясьпечная палітычная мянюшка. Але, калі зьвярнуцца да Сьвятога Пісьма і чытаць яго не праз імпэрскія акуляры, то біблейскі падыход да згаданай праблемы будзе відавочна іншы і ў агульным пляне выглядае наступным чынам.

Бог, як Прадвечнае Дабро, стварыўшы чалавека й чалавечы род (Быц. 2:7), даў быцьцё народам, кожны зь якіх мае свае адметныя і самабытныя мову й культуру. Пасланец Божы ды айцец веры й вернікаў Абрам у часе прыняцьця абяцаньня ад Бога атрымаў ад Яго й новае імя – Абрагам (з арамейскай – “айцец народаў”, заміж Абрам – “высокі айцец”), бо ў ім, як кажа Біблія, дабраславяцца ўсе народы. “Бог гаварыў зь ім далей і сказаў: Я – вось запавет Мой з табою: ты будзеш бацькам мноства народаў, і ня будзеш ты болей звацца Абрамам, а будзе табе імя Абрагам, бо я зраблю цябе бацькам мноства народаў” (Быц.17:3-5).

Явіўшыся Ісааку, Гасподзь пацьвердзіў: “Выканаю клятву Маю, якой кляўся Абрагаму, бацьку твайму; ... дабраславяцца ў сэмені тваім усе народы зямныя” (Быц.26:3,4). Выбраньне ў Старым Запавеце габрэйскага народу было часовым і мела функцыянальны характар – зьберагчы ў чысьціні Божую навуку, бо габрэі былі вельмі замкнутым у сабе этнасам і амаль не мяшаліся зь іншымі народамі, якія былі язычнікамі.

У новазапаветнай Царкве – новым жыхарстве ў Хрысьце – нацыянальнае таксама не касуецца, а ўцаркаўляецца й асьвячаецца. Найбольш прыдатны спосаб ажыцьцяўленьня Царквой ейнай выратавальнай місіі выклаў, названы Царквой апосталам народаў, апостал Павал у сваім Першым лісьце да Карынфянаў: “Для юдэяў я быў як юдэй, каб здабыць юдэяў; … для тых, хто без закону, – як той, хто без закону... Для ўсіх я зрабіўся ўсіхным, каб выратаваць, прынамсі, некаторых” (1 Кар. 9:20 – 22). Сам Гасподзь перад Сваім Узьнясеньнем на неба, пасылаючы Сваіх вучняў апосталаў на зьвеставаньне, наказаў: “Ідзеце, навучайце ўсе народы (заўважым, менавіта народы, а ня проста людзей – А.С.) хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам” (Мц. 28:19,20). Не выпадкова народзіны Хрыстовай Царквы – гэта дзень Пяцідзесятніцы (Сёмухі), калі на сабраных разам у Сыёнскай сьвятліцы апосталаў зыйшоў у выглядзе вогненных языкоў Сьвяты Дух, і апосталы пачалі гаварыць на іншых мовах, так што, як апавядае кніга Дзеяў, прысутныя ў Ерусаліме прадстаўнікі розных народаў дзіву даваліся: “Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся” (Дзеі. 2:8). Такім чынам, бабілёнскае зьмяшаньне моваў (Быц.11:9) Божы Промысел скіраваў да добрых мэтаў. Як пяецца ў кандаку на сьвята Пяцідзесятніцы: “Калі зыйшоўшы, мовы зьмяшаў і падзяліў народы Усявышні; калі ж вогненныя языкі раздаў, то да адзінства ўсіх заклікаў, і мы ў згодзе славім Усесьвятога Духа”. Народы, паводле біблейскага вучэньня, будуць існаваць да сканчэньня сьвету, бо, даючы прыкметы Свайго Другога і Слаўнага Прышэсьця, Хрыстос сказаў: “Усім народам наперад павінна быць абвешчана Дабравесьце” (Мк. 13:10).

Біблія падае нам шматлікія прыклады ня толькі веры і вернасьці праведнікаў Богу, але й любові іх да свайго народу. У Старым Запавеце правадыр габрэйскага народу і прарок Майсей, будучы ў Эгіпце пры двары фараона, згадвае ў кнізе Дзеяў апостал і евангеліст Лука, пачуў, так бы мовіць, голас крыві: “А як споўнілася яму сорак гадоў, запала яму ў сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраілевых. І, убачыўшы, як крыўдзілі аднаго, заступіўся і адпомсьціў за пакрыўджанага...” ( Дзеі.7:23-24). Апостал Павал у лісьце да габрэяў дадае: “Вераю Майсей, дажыўшы да сталага веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую грахоўную асалоду” (Габр. 11:24 – 25). Глыбіня й ахвярнасьць любові да свайго народу самога апостала Паўла была такой вялікай, што, як ён сьведчыць у сваім лісьце да рымлянаў, ён быў гатовы пайсьці за свой народ ня проста на сьмерць, а нават на вечную пагібель: “Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым, што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму: я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці, гэта азначае, Ізраільцян” (Рым. 9:1 – 4). Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос перад Сваімі збаўленымі для ўсяго чалавецтва пакутамі на Крыжы ў праніклівых словах, так званым плачу аб Ерусаліме, асабліва смуткаваў аб Сваім народзе: “Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і камянямі пабіваеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі. Вось, застаецца вам дом ваш пусты” (Мц. 23:37 – 38). Як бачым, нацыянальнае ў Божым будаўніцтве нашага збаўленьня займае важнае месца, зь ім суадносіцца мэтад і характар збавіцельнай місіі Хрыстовай Царквы, а любоў да свайго народу ня толькі не супярэчыць Хрыстовай навуцы, але, безумоўна, зьяўляецца адной з найвялікшых хрысьціянскіх цнотаў.

І, на заканчэньне, хацелася б нагадаць тым суседзям беларусаў з блізкага замежжа, якія называюць сябе старэйшымі братамі, праваслаўнымі хрысьціянамі й Трэцім і апошнім Рымам ды адначасова не прызнаюць нашаму народу права на тое, што маюць самі – сваю Царкву й Дзяржаву, – словы Першавярхоўнага апостала Паўла: “Увесь закон у адзін сказ укладаецца: любі блізкага твайго як сябе самога” (Гал. 5:14) і апостала любові евангеліста Яна Багаслова: “Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ, бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць? І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго” (1Ян. 4:20 – 21). Выдатны расейскі філёзаф і прарок свайго народу Уладзімір Салаўёў яшчэ ў XIX стагодзьдзі ў сваёй працы “Расейская ідэя” ўжо заклікаў сваіх суродзічаў да пакаяньня й выбачэньня перад братамі-славянамі, прыціснутымі Расейскай імпэрыяй, прыводзячы словы Хрыстовы з Нагорнай пропаведзі: “Калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш, што брат твой мае нешта супроць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам і йдзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой” (Мц. 5:23 – 24). На жаль, ён ня быў пачуты, бо яшчэ Гасподзь сказаў, што “не бывае прарок без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім” (Мц. 13:57).



Царква й тэрыторыя



Усяленская Праваслаўная Царква складаецца з асобных краёвых цэркваў, якія маюць нацыянальны характар і ў большасьці сваёй адміністрацыйна самастойныя, інакш кажучы, аўтакефальныя ( ад грэц. “аўта” – сам і “кефале” – галава). Цэрквы ўключаюць у сябе епіскапіі й епархіі (у заходняй тэрміналёгіі: дыяцэзіі й парафіі). Існуюць і больш буйныя адзінкі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Царквы: аўтаномныя цэрквы, экзархаты, мітрапалічыя акругі. Такая структура Царквы склалася на працягу першых стагодзьдзяў яе гісторыі і ў сваёй аснове застаецца нязьменнай. Хоць адміністрацыйны падзел Царквы будуецца на тэрытарыяльным, а не нацыянальным прынцыпе, усе праваслаўныя вернікі на адной і той самай тэрыторыі, незалежна ад нацыянальнасьці, належаць да адной краёвай царквы. У сваім тэрытарыяльна-юрысдыкцыйным разьмежаваньні краёвыя цэрквы суадносяцца з палітыка–адміністрацыйным дзяленьнем, зь дзяржаўнымі й адміністрацыйнымі межамі, і таму гістарычна краёвыя цэрквы набылі нацыянальны характар (а ў Асманскай імпэрыі царква сталася асобнай палітычнай адзінкай – “рум мільлетам”, рымскай нацыяй – і туркі лічылі патрыярха галавой грэцкага народу: этнархам ці мільлет-башы). Акрамя відавочных выгодаў, згаданы прынцып знаходзіць ускоснае абгрунтаваньне ў саміх канонах. Так, 38-е правіла Трульскага Сабору гаворыць: “Калі царскаю ўладаю зноў пабудаваны ці будзе пабудаваны горад, то сьледам за грамадзянскім і мясцовым распарадкам няхай ідзе й распарадак царкоўных справаў”.



Дыяспара



Найбольш сур'ёзным і значным адступленьнем ад тэрытарыяльнага прынцыпу ў разьмежаваньні царкоўнай юрысдыкцыі зьяўляецца дыяспара. Паколькі гэта тычыцца й праваслаўных беларусаў на эміграцыі, і Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ), то спынімся на гэтай зьяве больш падрабязна.

На тэрыторыі праваслаўнай дыяспары, дзе праваслаўныя жывуць паміж іншавернымі – у Заходняй Эўропе, Паўночнай Амэрыцы ды іншых месцах расьсяленьня – існуе сёньня шмат розных юрысдыкцыяў. Праблема дыяспары – складанае, контравэрсійнае й дагэтуль адкрытае пытаньне ў праваслаўным сьвеце. Канстантынопальскі Патрыярхат у пачатку XX стагодзьдзя на аснове шырока трактаванага 28-га правіла Халкідонскага Сабору высунуў тэорыю аб сваёй выключнай юрысдыкцыі над усёй шматнацыянальнай праваслаўнай дыяспарай (гэта можна зразумець як спробу захавацца, бо ў Турэччыне ні людзкіх рэсурсаў, ні магчымасьцяў для місіянэрства ў Канстантынопальскага Патрыярхату няма). Але тэорыя гэтая адкідаецца іншымі праваслаўнымі краёвымі цэрквамі, у першую чаргу Маскоўскім Патрыярхатам. Вырашэньне пытаньня аб дыяспары адкладзена на суд Вялікага й Сьвятога Усеправаслаўнага Сабору, які ўжо даўгі час бяз значных посьпехаў і ясных пэрспэктываў рыхтуецца Падрыхтоўчай камісіяй на чале зь мітрапалітам Жэнэўскім і Швайцарскім, Экзархам Канстантынопальскага Патрыярхату ў Заходняй Эўропе Дамаскінам. У вырашэньні юрысдыкцыйных спрэчак у дыяспары важным нам падаецца 132 (118)-е правіла Картагенскага Сабору. Яно называе дзьве акалічнасьці, якія трэба ўлічваць: тэрытарыяльную блізкасьць і волю царкоўнага народу.



Аўтакефалія



Як было згадана вышэй, бальшыня краёвых праваслаўных цэркваў самакіравальныя ці аўтакефальныя, некаторыя зь іх маюць годнасьць патрыярхатаў. Значэньне тэрміну “аўтакефальны” мянялася. Так, у візантыйскую эпоху аўтакефальнымі называліся архіепіскапіі, незалежныя ад мясцовага мітрапаліта й непасрэдна падпарадкаваныя патрыярху. У грэцкай кананічнай і царкоўна–гістарычнай літаратуры й цяпер робіцца разрозьненьне паміж чатырма старажытнымі аўтакефальнымі патрыярхатамі й новымі аўтакефальнымі цэрквамі, хоць й вызнаецца іх поўная адміністрацыйная самастойнасьць. Пытаньне аўтакефаліі, права на яе ды спосаб наданьня і сёньня застаецца самым вострым і складаным у праваслаўным сьвеце. Яно спараджае спрэчкі й канфлікты, якія вядуць да разладу й нават разрыву кананічнай і эўхарыстычнай лучнасьці паміж праваслаўнымі розных краін. Нягледзячы на тое, што 34-е Апостальскае правіла проста кажа: “Епіскапы кожнага народу павінны ведаць першага сярод іх і прызнаваць яго як галаву й нічога не прадпрыймаць безь яго... Але й першы каб нічога не рабіў безь іншых епіскапаў” (што апісвае менавіта аўтакефальную мадэль існаваньня краёвых праваслаўных цэркваў). У мінулым памылкова лічылася, што аўтакефальнымі могуць быць толькі цэрквы, заснаваныя апосталамі. Папа Леў Вялікі з гэтай прычыны адмаўляў аўтакефалію Канстантынопальскай Царкве (пасьля грэкі склалі паданьне аб наведваньні месца, дзе імпэратар Канстантын Вялікі пабудаваў горад, названы ў яго гонар – Канстантынопаль – апосталам Андрэем Першазваным), а Антыяхійскі Патрыярх не вызнаваў аўтакефалію Грузінскай Царквы, бо, быццам, ніхто з апосталаў ня быў у Грузіі. Але існавалі цэрквы апостальскага паходжаньня (напрыклад, Карынфская, Фесаланікійская), якія не былі аўтакефальнымі, а многія прызнаныя цяпер аўтакефальнымі цэрквы ня могуць пахваліцца, што іх заснавалі апосталы. У першым тысячагодзьдзі пытаньне аб аўтакефаліі вырашалася на сусьветных саборах. Так, Халкідонскі Сабор (451 г.) пацьвердзіў аўтакефалію Канстантынопальскай Царквы. Але адмысловага канону аб аўтакефаліі сусьветныя саборы, якія ў праваслаўным сьвеце ўжо больш за тысячу гадоў не зьбіраюцца, не сфармулявалі, і таму казаць аб нейкіх некананічных дзеяньнях пры абвяшчэньнях аўтакефаліяў асобнымі краёвымі цэрквамі недарэчна, бо нельга парушыць тое, чаго няма. У гісторыі заўсёды кірыархальныя цэрквы (ад грэцкіх “кір” – гаспадар і “архі” – пачатак, г.зн. – пануючыя цэрквы) неахвотна і зь вялікімі цяжкасьцямі, пад моцным ціскам і прымусам, вымушана даравалі ці прызнавалі прагалошаныя аўтакефаліі. Акт абвяшчэньня аўтакефаліі праваслаўнымі розных краін адбываўся пасьля здабыцьця імі дзяржаўнасьці ў часы нацыянальнага адраджэньня. А пры страце дзяржаўнай незалежнасьці й нацыянальным заняпадзе аўтакефалія звычайна касавалася. Канстантынопальскі Патрыярхат дараваў ці прызнаваў агалошаныя аўтакефаліі наступных цэркваў: Баўгарскай (у 932, 1234 і 1946 гадох), Сэрбскай (1218 і 1879 гг.), Расейскай ( 1589 г.), Эладзкай (1850 г.), Румынскай ( 1895 г.), Польскай ( 1923 г.), Альбанскай ( 1938 г.). Маскоўскі Патрыярхат у 1943 г. прызнаў адноўленаю ў 1917 г., пасьля ўпадку Расейскай імпэрыі, аўтакефалію паглынутай ім у 1811 г. старажытнай Грузінскай Царквы; у 1948 г. – Польскай Царквы; у 1952 г. дараваў аўтакефалію Чэхаславацкай Царкве, а ў 1970 г. – сваім прыходам у ЗША, так званай Амэрыканскай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царкве (аўтакефальнага статусу якой, дарэчы, грэцкія цэрквы не прызнаюць).

Усе аўтакефальныя праваслаўныя цэрквы роўныя між сабою. Адначасова ў дыптыхах – сьпісах цэркваў – у межах царкоўнага этыкету кожнай царкве дадзена сваё месца – ранг чэсьці, які ня мае дагматычнага значэньня, а абумоўлены гістарычна. У аснове дыптыху ляжаць такія прынцыпы: старажытнасьць царквы, храналёгія абвяшчэньня аўтакефаліі, палітычнае значэньне катэдры першаерарха.

Грэкам, якія аднавілі сваю дзяржаўнасьць у XIX стагодзьдзі, давялося чакаць ад грэцкага ж Канстантынопальскага патрыярха прызнаньня аўтакефаліі Эладзкай Царквы 27 гадоў, румынам – 30 гадоў, а расейцам, якія абвясьцілі пра аўтакефалію Маскоўскай Царквы ў 1448 г. – нават 141 год (да 1589 г.)!

Заснаваньне аўтакефальнай царквы можа й павінна быць, калі ўлада кірыархальнай царквы ўпадае ў ерась ці раскол. 15-е правіла Двухкратнага Сабору гаворыць: “Тыя, што аддзяляюцца ад лучнасьці з прадстаяцелем (вышэйстаячым) з прычыны нейкае ерасі, асуджанай сьвятымі саборамі або айцамі, ... і адмяжуюцца ад лучнасьці з названым епіскапам яшчэ перад саборным разглядам, ня толькі не падпадаюць пад пакараньне (епітымію), але годныя пашаны як праваслаўныя, бо яны асудзілі не епіскапаў, а лжэепіскапаў і лжэвучыцеляў, і не расколам перасеклі адзінства Царквы, а парупіліся ахаваць Царкву ад расколаў падзеламі”. Гэтае правіла – прысуд Маскоўскай Царкве. Пасьля ліквідацыі Пятром І патрыярхату ў Расеі, у выніку чаго Царква была падпарадкаваная імпэратару, які кіраваў ёю праз так званы Сьвяцейшы Сынод і “гасударова вока” ў сынодзе – обэр-пракурора, у Расейскай Царкве адбыўся ня толькі пераход кананічнага ладу ў галіне найвышэйшай царкоўнай улады на пратэстанцкія рэйкі, але пашкоджаньне закранула самую сутнасьць Царквы. Імпэратар – галава Расейскай Царквы дэ-юрэ й дэ-факта – стаўся галавой Царквы й літургічна. Згодна з чынам прычашчэньня імпэратара, складзеным вядомым расейскім багасловам мітрапалітам Маскоўскім Філарэтам (Драздовым), цар прычашчаўся не як міранін, а ў алтары, прычым сам, быццам бы архірэй, беручы ў рукі Сьвятую Чашу, а прысутны ў алтары сапраўдны архірэй яму асыставаў, гаворачы за кожным глытком імпэратара: “Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны”. Таму пасьля Пятра І і аж да рэвалюцыі 1917 г. Царкву ў Расейскай імпэрыі, з гледзішча яе канфесійнай прыналежнасьці, можна кваліфікаваць як англіканскую ўсходняга візантыйскага абраду.

Пасьля бальшавіцкага перавароту гэтая Царква была зьнішчана, а на яе месцы камуністы стварылі для сваіх прапагандысцкіх патрэбаў цяперашнюю Маскоўскую Патрыярхію візантыйскага абраду – філіял Камітэту Дзяржаўнай Бясьпекі (КДБ).

Сутнасьць аўтакефаліі краёвай царквы ў тым, што яна мае ўласную крыніцу ўлады: яе першаерарх пастаўляецца сваімі ерархамі. Другі Сусьветны Сабор (381 г.), зацвярджаючы аўтакефалію Кіпрскай Царквы, прызнаў ейным ерархам свабоду “самым спаўняць пастаўленьне епіскапаў” (28-е правіла). А паколькі нармальным чынам для пастаўленьня епіскапа патрэбен удзел у хіратоніі трох епіскапаў (2-е Апостальскае правіла), калі адбываецца пастаўленьне на аўдавелую катэдру, то для аўтакефальнага быцьця царквы патрэбна прынамсі чатыры епіскапы. Самастойнасьць аўтакефальных цэркваў выяўляецца толькі ў адносінах да іншых краёвых цэркваў, а не да Усяленскай Царквы, часткай якой яны зьяўляюцца. А таму немагчыма казаць аб самастойнасьці аўтакефальных цэркваў у галіне веравучэньня. Агульныя каноны й багаслужэбныя чыны яны павінны захоўваць, прыстасоўваючы іх да сваіх мясцовых умоваў. Аўтакефальныя цэрквы самастойна рыхтуюць сабе міра, кананізуюць сьвятых, складаюць парадак і літургічную пасьлядоўнасьць багаслужбаў. У адной дзяржаве можа быць некалькі аўтакефальных цэркваў (напрыклад, у Рымскай і Візантыйскай імпэрыях; нават у былым СССР былі дзьве аўтакефальныя царквы: Расейская й Грузінская). Таксама адзін народ можа да гэтага ж спрычыніцца. Напрыклад, грэкі ў цяперашні час маюць аж тры аўтакефаліі: Канстантынопальскі Патрыярхат, Эладзкую й Кіпрскую Цэрквы.

Напрыканцы першай чвэрці XX стагодзьдзя зьявіўся дакумэнт кананічнага права, вартасьць якога нельга пераацаніць, – “Патрыяршы й сынадальна-кананічны томас (акт) Усяленскай Канстантынопальскай Патрыярхіі ад 13 лістапада 1924 г. аб прызнаньні Праваслаўнай Царквы ў Польшчы царквой аўтакефальнай”. Гэтым томасам ня толькі прызнаваўся аўтакефальны статус Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, але ўпершыню пасьля 1686 г., калі Кіеўская мітраполія проціпраўна была далучана да Маскоўскага Патрыярхату, Канстантынопальская патрыярхія афіцыйна адмовіла дзейснасьць гэтага далучэньня. Ён і сёньня застаецца надзвычай важным, адным з тых незапярэчных дакумэнтаў царкоўнага права, на якіх грунтуе сваё кананічнае быцьцё й беларускі аўтакефальны рух. У падпісаным патрыярхам Рыгорам VІІ і сябрамі Патрыяршага Сыноду томасе, між іншага, сказана: “Сьвятая Праваслаўная Царква ў богаахоўванай Польскай дзяржаве, што надзелена аўтаномным царкоўным ладам і кіраваньнем, даводзіць сваю цьвёрдасьць у веры й годнасьць у царкоўных справах, прасіла Наш Сьвяцейшы Апостальскі й Усяленскі Патрыяршы Прастол паблаславіць і зацьвердзіць яе аўтакефальны лад, беручы пад увагу, што ў новых абставінах палітычнага жыцьця толькі такі лад мог бы задаволіць і забясьпечыць ейныя патрэбы”. Сынод зь любоўю разгледзеў гэтую просьбу, прымаючы пад увагу прадпісаньні сьвятых канонаў, якія ўстанаўляюць, што “лад царкоўных справаў павінен адпавядаць палітычным і грамадзкім формам” (17-е правіла 4-га Усяленскага Сабору і 38-е правіла 6-га Усяленскага Сабору), і прыняў апафэгму (пастанову) Фоція, якая гучыць:

“Прыняць, што правы, якія тычацца царкоўных справаў, а асабліва справаў парафіяў, павінны адпавядаць палітычным і адміністрацыйным пераменам, а зь іншага боку, перад патрабаваньнямі кананічнага абавязку, што накладзены на наш Сьвяцейшы Усяленскі Прастол, дбаць аб Праваслаўных Цэрквах, якія знаходзяцца ў патрэбе; разгледзеўшы таксама факт, зь якім згодна й гісторыя (бо ж напісана, што першае аддзяленьне ад Нашага Прастолу Кіеўскай мітраполіі й залежных ад яе праваслаўных мітраполіяў Літвы й Польшчы, а роўным чынам далучэньне іх да Сьвятой Маскоўскай Царквы адбылося не паводле ўстаноўленых кананічных правілаў, а таксама не было датрымана ўсё тое, што было ўстаноўлена адносна поўнай царкоўнай аўтаноміі Кіеўскага мітрапаліта, які насіў тытул экзарха Усяленскага Прастолу), Наша Годнасьць і Сьвятыя мітрапаліты нашы ў Сьвятым Духу ўлюбёныя браты й суслужыцелі палічылі абавязкам выслухаць прашэньне, зь якім зьвярнулася да нас Сьвятая Праваслаўная Царква ў Польшчы, і даць наша дабраславенства ды зацьвердзіць яе аўтакефальны й незалежны лад”.

Томас сваім зьместам і формай замацоўвае ўнармаваньне такіх кананічна праўных палажэньняў:

1. Томас афіцыйна не надае, а прызнае аўтакефалію Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. Гэтым пацьвярджаецца права кожнага народу мець сваю краёвую Праваслаўную царкву ў межах сваёй самастойнай дзяржавы, пры датрыманьні пэўных кананічных правілаў што да ўнутранага ладу царкоўнага жыцьця ды наяўнасьці іншых перадумоваў для існаваньня царквы на асновах аўтакефаліі. Томасам фактычна пацьверджана правамоцнасьць практыкі самастойнага прагалошаньня аўтакефаліі Цэрквамі Грэцыі, Румыніі, Сэрбіі, Альбаніі ды іншых краінаў.

2. Томас афіцыйна не прызнае правамоцнасьці далучэньня ў 1686 г. да Маскоўскай Царквы Кіеўскай мітраполіі і, як сказана, залежных ад яе праваслаўных мітраполіяў Літвы й Польшчы. Сама гэтая падстава й дала права Усяленскай Патрыярхіі прызнаць у межах сваёй кананічнай тэрыторыі аўтакефалію Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, і ў цяперашні час падобным чынам можа быць прызнана паўнапраўная аўтакефалія Праваслаўных Цэркваў Украіны, Беларусі і краінаў Балтыі.

Адзначым таксама, што томас Усяленскай Патрыярхіі ад 13 лістапада 1924 г. быў зацьверджаны ўсімі ўсходнімі патрыярхамі й першаерархамі аўтакефальных цэркваў (зразумела, акрамя Расейскай) і таму стаўся законам Усяленскай Царквы. Правамоцнасьць палажэньняў томаса аб непрызнаньні далучэньня Кіеўскай мітраполіі да Расейскай Царквы бачная й зь ліста Усяленскага патрыярха Дзімітрыя ў адказ на пасланьне Маскоўскага патрыярха Алексія ІІ (за № 3461 ад 22 лістапада 1990 г.), у якім ставіцца пытаньне аб царкоўнай сытуацыі на Украіне. Патрыярх Дзімітры, між іншага, піша: “Усяленская Патрыярхія прызнае адну кананічную Праваслаўную Царкву ў заснаваных патрыяршым і сынадальным спосабам 1593 году (а не 1686 г.!) межах – Вашу Сьвятую Царкву...”

Наогул, не йснуе ніводнага дакумэнту Усяленскай Патрыярхіі, які ставіў бы пад сумніў палажэньні томаса 1924 году. Калі зьявіўся згаданы ліст патрыярха Дзімітрыя, шмат украінскіх царкоўных дзеячаў і аналітыкаў адзначыла, што сваё прызначэньне томас будзе мець тады, калі царкоўныя сілы на Украіне будуць больш выкрышталізаваныя. Дадамо, што гэты дакумэнт Усяленскай Патрыярхіі мае важнае значэньне ня толькі для Украіны, дзе працэсы кансалідацыі нацыянальна арыентаваных праваслаўных царкоўных сілаў актыўна йдуць, а пасьля апошніх палітычных падзеяў ва Украіне будуць прысьпешаныя, але, спадзяемся, у недалёкай пэрспэктыве ён будзе важнай асновай для аўтакефаліі й Беларускай Праваслаўнай Царквы на Бацькаўшчыне.

Вельмі паказальным у гэтым сэнсе зьяўляецца так званы эстонскі крызіс 1996 г. – разыходжаньні паміж Маскоўскім і Канстантынопальскім Патрыярхатамі ў пытаньні юрысдыкцыі над Праваслаўнай Царквой у Эстоніі. Меў ён вельмі востры характар (дайшло нават да часовага парваньня з боку Масквы эўхарыстычнай лучнасьці). Канстантынопальская Патрыярхія ў сваіх дакумэнтах – патрыяршым і сынадальным акце адносна рэактывацыі томаса 1923 г. аб дараваньні Эстонскай Праваслаўнай Царкве аўтаноміі, камунікаце аб царкоўным становішчы ў Эстоніі ды адказе на ліст Маскоўскага патрыярха Алексія ІІ – ізноў пацьвярджае як сваю юрысдыкцыю ў спрэчных пытаньнях паміж Праваслаўнымі цэрквамі Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, для якіх Канстантынопальскі Патрыярхат – Царква-Маці, так і права кожнага праваслаўнага народу, асабліва пасьля набыцьця ім дзяржаўнай незалежнасьці, на царкоўную аўтакефалію ці аўтаномію. “Гэта звычайная справа – мяняць царкоўныя межы, калі адбываюцца палітычныя ці адміністрацыйныя зьмены”. Такое выказваньне Канстантынопальскага Патрыярха Фоція (9-е стагодзьдзе), ведамага як “мудрэйшы з патрыярхаў” і, нагадаем, галоўнага ідэоляга ўсходняга праваслаўя, узята ў якасьці эпіграфа да Акту 1996 г., якім была даравана аўтаномія Эстонскай Праваслаўнай Царкве.

Як бачым, няма ніякіх дагматычных, багаслоўскіх і кананічных прычынаў, каб і наш пакутны і набожны народ на Бацькаўшчыне, а тым больш у дыяспары, ня меў свае, прызнанае ўсім праваслаўным сьветам, аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, а наадварот, для гэтага ёсьць усе падставы й патрабаваньні як царкоўна-кананічнага, так і гістарычнага характару.



Аўтаномныя цэрквы



Аўтаномныя цэрквы маюць значную ступень самастойнасьці, але ў іх няма сваёй апостальскай пераемнасьці ў епіскапаце, і іхнага першаерарха пастаўляюць ерархі кірыархальнай царквы. Асноваю для абвяшчэньня аўтаноміі царквы могуць быць такія фактары, як знаходжаньне вернікаў у іншай дзяржаве, геаграфічная аддаленасьць ці этнічная своеасаблівасьць. Гістарычна абвяшчэньне царквой аўтаноміі йшло за набыцьцём палітычнай самастойнасьці дзяржавы, у якой яна знаходзіцца. Статус аўтаномнае царквы пераходны й мае тэндэнцыю або перарастаць у аўтакефалію, або ператварацца ў звычайную мітрапалічую акругу ці проста епархію. Цяпер ёсьць тры аўтаномныя царквы: старажытная Сынайская Ерусалімскага Патрыярхату, Фінская ў складзе Канстантынопальскага Патрыярхату й Японская Маскоўскага Патрыярхату. Да гэтага статусу набліжаецца Украінская Праваслаўная Царква Канстантынопальскага Патрыярхату (Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату знаходзіцца “на правах аўтаноміі”). Праваслаўнай Царкве ў Беларусі Масква не дала нават і такога сьціплага статусу.




Янка Запруднік
Беларуская аўтакефалія
(Храналёгія падзеяў)


Слова «аўтакефалія» абазначае самастойнасьць царквы як інстытуцыі, інакш кажучы, царкоўнае самакіраваньне (па-грэцку аўта — сам, кефале — галава). Ерархія аўтакефальнай царквы не прызнае над сабой іншых царкоўных аўтарытэтаў, не падлягае ані духоўнай, ані адміністрацыйнай уладзе іншай царкоўнай юрысдыкцыі. Шмат якія аўтакефальныя цэрквы (прыкладам, румынская, сэрбская, баўгарская й інш.) — адначасна й цэрквы нацыянальныя.

Ідэя аўтакефаліі ўзьнікла яшчэ за часамі раньняга хрысьціянства як вынік супярэчнасьці паміж усяленскім, унівэрсальным характарам Хрыстовае навукі, з аднаго боку, а з другога — геаграфічнай абмежаванасьцю дзяржаўных утварэньняў. Ідэя аўтакефаліі выплывае таксама з супадзеньня ў шмат якіх выпадках інтарэсаў царкоўных зь інтарэсамі дзяржаўнымі, нацыянальнымі.

У сярэднявеччы й пазьней царкоўныя ерархі ўваходзілі ў склад княскіх і каралеўскіх радаў, стаялі блізка да дзяржаўнай палітыкі. Зразумела, што кіраўнікі дзяржаваў (княстваў) — людзі сьвецкія — імкнуліся выкарыстоўваць або й падпарадкоўваць сабе царкву. Гэтак было ў Візантыі, адкуль прыйшло ў Х стагодзьдзі хрысьціянства ў Кіеўскую Русь і на беларускія землі. Зь Візантыі, дзе імпэратар уважаўся за пасланца Бога на зямлі (адсюль і зьява гэтак званага цэзарапапізму — цэзар і папа ў адной асобе), прыйшла на Русь спалучанасьць улады сьвецкае з уладай рэлігійнай (царкоўнай).

Першымі мітрапалітамі на Русі былі грэкі, бо й вера прыйшла ад іх. Грэкамі былі візантыйскі імпэратар і Канстантынопальскі патрыярх. Ад часу хрышчэньня Русі кіеўскім князем Уладзімірам у 988 г. і да мангольскага нашэсьця ў 1240 годзе, у Кіеве, цэнтры рускага хрысьціянства (слова «рускі» тут ужываецца ў сэнсе гістарычнай Русі, а не пазьнейшае Маскоўшчыны — Расеі), было 23 мітрапаліты, усе апрача двух — грэкі. Мітрапалітамі мясцовага (рускага) паходжаньня былі Іларыён (1051—1054) і Клімэнт Смаляціч (1147—1154). Але ніводзін зь іх не атрымаў блаславенства на мітрапалічы прастол ад Канстантынопальскага патрыярха: дзяржаўныя інтарэсы Кіева і Канстантынопаля былі розныя. Калі кіеўскі князь Ізяслаў Мсьціславіч пастанавіў, каб мітрапалітам рускай царквы заміж грэка Міхаіла стаўся епіскап смаленскі Клімэнт Смаляціч, дык матываваў сваю пастанову гэткімі словамі: «чрес сию патриархов в Руси власть цари греческие ищут над нами властвовать и повелевать, что против нашей чести и пользы». (1) Як бачым, з самага пачатку дзяржава й царква супольна баранілі свой гонар і інтарэсы.

Першыя епархіі праваслаўнай царквы ў Беларусі паўсталі ў Полацку (992), Тураве (1005), Смаленску (1137). Выдатнымі дзеячамі раньняга праваслаўя на беларускіх землях былі епіскап полацкі Міна (памёр каля 1116), епіскап смаленскі Клімэнт Смаляціч (?—пасьля 1164), князёўна полацкая Прадслава-Эўфрасіньня (каля 1120—1173), епіскап тураўскі Кірыла (к. 1130—к. 1180) ды іншыя. У Полацку ў 1066 годзе князь Усяслаў Брачыславіч (Чарадзей) закончыў будаўніцтва велічнага Сафійскага сабору, чым падкрэсьліў роўнасьць Полацка з Кіевам і Ноўгарадам. Там падобныя сьвятыні былі пабудаваныя, адпаведна, у 1037 і 1050 гадох. Полацак, Тураў ды іншыя гарады сталіся цэнтрамі пашырэньня пісьменнасьці й асьветніцкае дзейнасьці. Ад самага пачатку заявілі сябе сваёй арыгінальнасьцю полацкая царкоўная архітэктура (дойлід Іван), мастацтва (Лазар Богша, стваральнік крыжа сьв. Эўфрасіньні). У самым раньнім пэрыядзе рэлігійна-царкоўнага жыцьця выявіўся самабытны характар беларускае зямлі, гонар і славу якое разбудоўвала, пашырала й бараніла царква.

Пасьля таго як Кіеў, сталіца мітрапалітаў, амаль датла быў зьнішчаны татара-мангольскім нашэсьцем у 1240 годзе, мітрапаліты адмовіліся жыць у Кіеве. Мітрапаліт Кірыла ІІ (1238—1280), з рускіх, разьязджаў па цэлай мітраполіі, але найдаўжэй затрымоўваўся ва Уладзіміры-на-Клязьме. А ягоны наступнік, грэк Максім (1283—1305), пасьля таго як у 1299 г. Кіеў ізноў быў спалены, ужо назаўсёды пасяліўся ва Уладзіміры.

Ад сярэдзіны XIII стагодзьдзя на землях Беларусі пачало умацоўвацца й пашырацца Вялікае Княства Літоўскае, Рускае й Жамойцкае (ВКЛ), палітычныя патрэбы якога паставілі на парадак дня пытаньне аб сваёй асобнай мітраполіі.

Час заснаваньня й станаўленьня Літоўскай (у сёньняшняй тэрміналёгіі — беларускай) мітраполіі слаба дасьледаваны, а таму й спрэчны. Некаторыя крыніцы называюць 1291 год годам пастаўленьня асобнага мітрапаліта для ВКЛ, але імя ягонага не называюць. Сьпіс ведамых беларускіх мітрапалітаў пачынаецца 1315 годам, калі Літоўскую мітраполію ачоліў грэк Тэафіл (1315—1330).

Канстантынопаль, аднак, далей намагаўся захоўваць цэласьць Рускай (г. зн. Кіеўскай) мітраполіі. Гэта ляжала ў інтарэсах візантыйскіх імпэратараў і патрыярхаў, асабліва ў сувязі з турэцкай пагрозай Візантыі. Канстантынопаль хацеў бачыць на поўначы адну вялікую саюзную царкоўную структуру, падзел якое быў яму зусім не на руку. Калі галіцкі князь Юры Львовіч, захацеўшы мець асобную мітраполію, падаў Канстантынопальскаму патрыярху свайго кандыдата ў мітрапаліты, Пятра, дык патрыярх паставіў Пятра, але не як мітрапаліта Галіцкага, а «ўсяе Русі» (1308—1326). Пётар стаўся саюзьнікам маскоўскага князя Івана Каліты й жыў у Маскве. Ягоны наступнік Тэагност (1328—1353) канчальна перанёс у Маскву й мітрапалічую катэдру. У 1353 г. Канстантынопальскі Сабор асобнай пастановай яшчэ раз падкрэсьліў, што Руская мітраполія не павінна дзяліцца ды што ў будучыні мітрапаліты на Русь павінны прызначацца з грэкаў.

Пастанове Канстантынопальскага Сабору не падпарадкаваўся, аднак, праваслаўны вялікі князь Альгерд. Князі ВКЛ апіраліся на фэўдалаў беларускіх земляў, «падтрымлівалі праваслаўную царкву, якая ў XIV стагодзьдзі займала пануючае становішча ў дзяржаве». (2) Князь Альгерд падарункамі патрыярху й дыпляматыяй дамогся, што для ВКЛ быў пастаўлены свой мітрапаліт, Раман (1354—1362). Рэзыдэнцыяй літоўскіх мітрапалітаў ад самага пачатку быў Наваградак, першая сталіца ВКЛ. Але коратка перад дабраславеньнем Рамана на мітрапалічы прастол Канстантынопаль паставіў таксама і мітрапаліта для Масквы — Аляксея. Паміж Раманам і Аляксеем пачалося змаганьне за Кіеўскую мітраполію й тытул «Кіеўскі» як найбольш прэстыжны. У гэтае змаганьне ўлучыліся й сьвецкія чыньнікі, паколькі йшла вайна паміж ВКЛ і Маскоўшчынай.

Канстантынопальскі патрыярх спрабаваў быў скасаваць Літоўскую мітраполію, але энэргічная акцыя князя Альгерда не дапусьціла да гэтага. Патрыярх паслаў тады ў ВКЛ свайго апакрысіярыя (прадстаўніка), баўгарскага іераманаха Кіпрыяна, каб той давёў да прымірэньня паміж мітрапалітамі літоўскім і маскоўскім. Кіпрыян пабачыў, аднак, што праваслаўныя жыхары ВКЛ ня могуць быць у залежнасьці ад маскоўскага мітрапаліта і сказаў пра гэта князю Альгерду. Гэткі пагляд Кіпрыяна спадабаўся Альгерду, і, калі мітрапаліт Раман памёр у 1362 г., Альгерд выставіў Кіпрыянаву кандыдатуру ў мітрапаліты ВКЛ. Інтранізацыя Кіпрыяна адбылася ў Канстантынопалі ў 1375 годзе.

У 1377 г. памёр вялікі князь Альгерд. Неўзабаве пасьля гэтага, у 1380 г., адбылася гістарычная бітва на Куліковым полі, у якой выразным пераможцам выйшаў маскоўскі вялікі князь Дзімітры Данскі. Мітрапаліт Кіпрыян, які, трэба меркаваць, быў патрыётам Баўгарыі й шукаў сваёй бацькаўшчыне моцнага праваслаўнага саюзьніка супраць туркаў, што пагражалі і Баўгарыі, і Візантыі, паехаў у 1381 г. у Маскву, дзе быў урачыста сустрэты.

Калі ў 1389 г. памёр маскоўскі прэтэндэнт на мітрапаліта, Пімен, Кіпрыян застаўся адзіным праўным галавою царквы «ўсяе Русі». Ад 1390 г. і аж да сьмерці ў 1406 г. Кіпрыян жыў у Маскве, дзе разгарнуў буйную арганізацыйную дзейнасьць. Вялікае Княства Літоўскае паміж 1390 і 1415 гадамі заставалася без свайго мітрапаліта, царкоўнае жыцьцё ў ВКЛ рэгуляваў, пакуль жыў, мітрапаліт Кіпрыян з Масквы. Напрыканцы XIV стагодзьдзя, за часамі вялікага князя Вітаўта, дачыненьні ВКЛ з Маскоўшчынай былі мірныя. Вітаўтава дачка Софія выйшла замуж за маскоўскага князя Васіля. Аднак спакой паміж Вільняй і Масквой патрываў ня доўга.

У 1408 г. Канстантынопальскі патрыярх, адмовіўшыся зацьвердзіць Вітаўтавага кандыдата, полацкага епіскапа Тэадосія, на мітрапаліта Літоўскага, прыслаў грэка Фоція як мітрапаліта «Кіеўскага і ўсяе Русі». Патрыярх даручыў Фоцію аб’яднаць пад сваім кіраўніцтвам усе епархіі ВКЛ. Тым часам ізноў аднавіліся ваенныя дзеяньні паміж ВКЛ і Маскоўшчынай за тэрыторыі ў раёне Пскова й Ноўгарада. Мітрапаліт Фоцій, як сьведчыць гісторык Ігар Грэкаў, «разам з князем Васілём энэргічна супрацьдзеілі пашырэньню літоўскага ўплыву ў «нэўтральнай» паласе рускіх земляў». (3)

У 1414 г. вялікі князь Вітаўт загадаў склікаць у Наваградку сабор епіскапаў ВКЛ. На становішча мітрапаліта была выстаўлена кандыдатура Кіпрыянавага пляменьніка Рыгора Цамблака, але Канстантынопаль двойчы адмовіўся зацьвердзіць яе. Тады Вітаўт дамогся ад сабору, каб новы мітрапаліт быў пастаўлены бяз згоды патрыярха. Абодва мітрапаліты, аднак, літоўскі й маскоўскі, насілі той самы тытул: «Кіеўскі і ўсяе Русі». І ў гэтым дубляваньні наяўна адлюстроўваліся экспансіянісцкія праграмы дзьвюх сталіцаў, Вільні й Масквы, іхная канкурэнцыя за авалоданьне «рускімі» землямі.

Па сьмерці Рыгора Цамблака ў 1419 ці 1420 г. Літоўская мітраполія засталася без свайго мітрапаліта аж да 1433 г., калі мітрапалічую катэдру заняў, узьведзены на яе Канстантынопальскім патрыярхам Іосіфам, смаленскі епіскап Герасім. Новаму ўладыку не пашчасьціла. Вялікі князь Сьвідрыгайла (Вітаўт памёр у 1430 г.) западозрыў мітрапаліта ў сувязях зь ягонымі ворагамі і загадаў спаліць яго ў Віцебску ў 1435 г. (паводле іншых крыніцаў — у 1437 г.). Мітрапаліт Герасім увесь час знаходзіўся ў Смаленску, але ўсе ягоныя наступнікі засядалі ў Наваградку, адкуль часта наведваліся ў Вільню ды ў іншыя месцы мітраполіі, межы якое мяняліся. Апрача беларускіх земляў, у мітраполію спачатку ўваходзілі Кіеўшчына, Галіччына й Валынь.

Паміж 1437 і 1458 гадамі Наваградзкая мітрапалічая катэдра была незанятай. Тымчасам маскоўскі мітрапаліт, грэк Ізыдар, выявіўся прыхільнікам уніі з Рымам. Ізыдар падпісаў унійны акт у Флярэнцыі ў 1439 г., у выніку чаго яму давялося ўцякаць з Масквы. У Маскве ў 1448 г. быў абраны за мітрапаліта «свой» духоўнік, Іона, які не паехаў па блаславенства да Канстантынопальскага патрыярха. Канстантынопаль, абложаны турэцкімі войскамі, дажываў свае апошнія гады як свабодная сталіца праваслаўя. Год 1448-ы лічыцца пачаткам аўтакефаліі Расейскае Праваслаўнае Царквы. Мітрапаліт Іона рабіў спробы пашырыць сваю ўладу і на ВКЛ, напісаў пасланьне «купно литовско-галицкому людзтву», наведаў Галіч, Львоў, Вільню й Наваградак. Кароль польскі й вялікі князь літоўскі Казімер выдаў яму грамату ў 1451 г., што ахоўвала ягоныя правы ў ВКЛ.

У 1458 г., пяць гадоў пасьля ўпадку Візантыі, Канстантынопальскі патрыярх, які прыняў Флярэнцкую унію й жыў у Рыме, прыслаў у Наваградак свайго мітрапаліта-уніята Рыгора Баўгарына з тытулам «Кіеўскі, Літоўскі і ўсяе Русі». Пачалося змаганьне з праваслаўнымі, у якое ўлучыўся й маскоўскі мітрапаліт Іона. У Маскве тым часам сабор епіскапаў пастанавіў на загад вялікага князя маскоўскага выбіраць мітрапаліта без паразуменьня з грэкамі. Наваградзкі мітрапаліт-уніят Рыгор пасьля дзесяці гадоў змаганьня за унію вярнуўся назад да праваслаўя і неўзабаве перад сьмерцю (у 1473 або 1475 г.) быў зацьверджаны на сваім мітрапалічым прастоле Канстантынопальскім патрыярхам Дзіянісам. Пахаваны ў Наваградку.

У далейшым, ва ўмовах частых войнаў паміж ВКЛ і Маскоўшчынай, існавалі дзьве мітраполіі, адна з палітычным цэнтрам у Вільні, другая ў Маскве. Маскоўскія мітрапаліты адмовіліся ад тытулу «Кіеўскі», але частку свайго тытулу «і ўсяе Русі» тлумачылі шырока, улучаючы ў гэты панятак украінскія й беларускія землі. Тытул «і ўсяе Русі» абодвух мітрапалітаў, кіеўскага (або літоўска-наваградзкага) і маскоўскага, сымбалізаваў сабой змаганьне ВКЛ і Маскоўшчыны ня толькі за тэрыторыі, але й за гістарычную спадчыну.

У 1589 г. Масква, якая абвясьціла сябе яшчэ на пачатку XVI ст. «трэцім і апошнім Рымам», дамаглася ад Канстантынопаля права мець упершыню свайго патрыярха — «Маскоўскага і ўсяе Русі». Але ўстанаўленьне патрыяршае ўлады ў Маскве не закранула самастойнасьці Літоўска-Наваградзкае мітраполіі. Гісторык Усевалад Ігнатоўскі памылкова піша, што пасьля 1589 г. «юрыдычна зноў праваслаўная царква Літвы і Беларусі была пастаўлена ў іерархічнае падданства Маскве». (4) Аўтакефалія праваслаўнае царквы ў Беларусі была перапынена толькі ў выніку царкоўнай уніі 1596 г., калі ўсе беларускія праваслаўныя епіскапы сталіся уніятамі.

У пэрыядзе 1315—1596 гадоў мітрапалітамі Літоўска-Наваградзкае мітраполіі былі (у крыніцах некаторыя гады падаюцца па-рознаму):

Тэафіл (1315—1330),
Тэадарэт (1353—1354),
Раман (1354—1362),
Кіпрыян (1375—1381),
Рыгор Цамблак (1414—1419),
Герасім Смаленскі (1433—1435),
Рыгор Баўгарын (1458—1473),
Сьпірыдон (1473—1474),
Місаіл Пятруцкі (1475—1480),
Сымон Полацкі (1481—1488),
Іона І Глезна (1489—1499),
Макар І (1495—1497),
Іосіф Баўгарыновіч (1498—1501),
Іона ІІ (1503—1506),
Іосіф Солтан (1508—1522),
Іосіф ІІІ (1522—1534),
Макар ІІ (1535—1556),
Сыльвэстар Бялькевіч (1556—1567),
Іона ІІІ Пратасэвіч (1567—1576),
Ільля Куча, галічанін (1577—1579),
Анісіфор Дзявочка (1579—1588),
Міхаіл Рагоза (1589—1595).

Далейшыя мітрапаліты ў Рэчы Паспалітай былі уніятамі. Ва ўмовах рэлігійнага змаганьня й польскага наступу на праваслаўе вялікую ролю ў абароне Праваслаўнае Царквы ў Беларусі і Украіне адыгралі праваслаўныя брацтвы. Арганізацыі гэтыя пачалі паўставаць у 1580-х гадох і дзейнічалі праз усё XVII стагодзьдзе, засноўвалі школы, выдавалі рэлігійную літаратуру. Дзейнасьць брацтваў у іхнай пачатковай фазе падтрымвалі багатыя магнаты, каторыя яшчэ трымаліся свае праваслаўнае веры.

Іерархія Праваслаўнай Царквы аднавілася толькі ў 1620 г., калі Канстантынопальскі патрыярх Тэафан блаславіў на прастол Кіеўскага мітрапаліта Іова Барэцкага. Тады ж віленскі архімандрыт Мялеці Сматрыцкі стаўся епіскапам Полацкім, Ісаія Капінскі быў высьвячаны на епіскапа Смаленскага, а на Турава-Пінскую епархію быў пастаўлены грэк Аўраам. У новым пэрыядзе Праваслаўная Царква на землях Украіны й Беларусі была падпарадкаваная Канстантынопальскаму патрыярху. Мітрапаліты ў гэтым часе знаходзіліся ўжо не ў Наваградку, а ў Кіеве й мелі тытул «Кіеўскага, Галіцкага і ўсяе Русі, Экзарха Канстантынопальскага Прастолу». Мітрапаліт засядаў у сойме Рэчы Паспалітай. У Беларусі ў пэрыядзе 1620—1795 гадоў была толькі адна праваслаўная епархія — Магілёўская, епіскапы якой насілі тытул «Аршанскі, Віцебскі, Мсьціслаўскі і Магілёўскі». Царкоўныя ж прыходы заходняй Беларусі — на Віленшчыне, Наваградчыне, Піншчыне — уваходзілі ў склад мітрапалічае Кіеўскае епархіі.

Пасьля таго, як гетман Багдан Хмяльніцкі далучыў Украіну да Расеі, Кіеўская мітраполія развалілася на дзьве: Маскоўскую і патрыяршую Канстантынопальскую. Масква пачала ціснуць на Польшчу і Канстантынопаль, каб падпарадкаваць сабе Кіеўскі мітрапалічы прастол. Гэтага яна дасягнула ў 1685 г., калі Канстантынопальскі патрыярх Дзіяніс ІV выдаў грамату, адмовіўшыся ад свае патрыяршае ўлады над Кіеўскай мітраполіяй. Таго ж самага году абраны на Кіеўскім Саборы за мітрапаліта епіскап луцкі Гедэон быў высьвячаны на свой пасад у Маскве. «Вечны мір» паміж Расеяй і Польшчай, падпісаны ў 1686 г., замацаваў палітычна перанос цэнтру праваслаўя з Кіева ў Маскву. Неўзабаве пасьля гэтага Кіеўская мітраполія была зьведзена да статусу епархіі Маскоўскага патрыярхату. Магілёўска-Беларуская епархія пачала зьвяртацца ў сваіх патрэбах беспасярэдне ў Маскву.

Два гады перад другім падзелам Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў 1793 годзе, была зроблена спроба ўнезалежніць беларускае й украінскае праваслаўе ад Масквы, каб пазбавіць апошнюю магчымасці ўмешвацца ў нутраныя справы каралеўства. Пастановаю Чатырохгадовага (1788—1792) сойму быў скліканы ў Пінску ў 1791 годзе агульны зьезд праваслаўнага духавенства й сьвецкіх вернікаў. Зьезд гэты ці, як яго называлі, генэральная кангрэгацыя, або Нацыянальны сабор Праваслаўных цэркваў каралеўства Польскага й Вялікага княства Літоўскага, прыняў шэраг пастановаў, у тым ліку пра аўтакефалію Праваслаўнай Царквы й духоўную сувязь з Канстантынопальскім патрыярхам. Пінская генэральная кангрэгацыя ўтварыла Нацыянальны сынод з цэнтрам у Пінску для кіраваньня царкоўнымі справамі праваслаўных, распрацавала арганізацыйную структуру Праваслаўнай Царквы. Сойм, у духу новай Канстытуцыі 1791 г., якая пабольшыла рэлігійную свабоду ў Рэчы Паспалітай, зацьвердзіў пастановы Пінскай кангрэгацыі. Але над Рэччу Паспалітай быў ужо занесены меч другога падзелу (1793 г.), за якім хутка настаў і апошні (1795 г.).

З поўным далучэньнем Беларусі да Расеі пачаўся новы пэрыяд у гісторыі беларускага праваслаўя. Патрыяршая ўлада ў Маскоўшчыне была скасаваная яшчэ за часамі Пятра І у 1700 годзе. На чале Царквы цар паставіў калегію, Сьвяшчэнны Сынод, падпарадкаваны міністру (обэр-пракурору) як у сьвецкіх, так і ў рэлігійных справах. Царква стала поўнасьцю прыладай дзяржавы. Быў палітызаваны яшчэ глыбей сам панятак веры, часта называнай у афіцыйных зваротах ужо ня «рускай», а «греко-российской».

Русыфікацыя праваслаўнай царквы ў Беларусі, пачатая яшчэ царыцай Кацярынай ІІ, узмацнілася асабліва пасьля паўстаньня 1863 г., калі праводзілася палітыка насаджэньня расейскага чыноўніцтва, у тым ліку й царкоўных саноўнікаў ды сьвятароў. У духоўных і настаўніцкіх сэмінарыях запанаваў «истинно русский» дух, беларуская мова і блізка не дапушчалася да афіцыйнага ўжытку ў царкоўным жыцьці.

Пасьля таго, як Лютаўская й Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. пакончылі з царскім самаўладзтвам і ў БССР усталявалася беларуская дзяржаўнасьць, на парадак дня стала справа аднаўленьня аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы. У ліпені 1922 г. быў скліканы ў Менску сабор, які, падтрымаўшы ідэю «самабытнасьці Беларускай Царквы і ейнага права на нацыянальнае самавызначэньне», абвесьціў 23 ліпеня аўтакефалію БПЦ. Крок гэты, згодна з пасланьнем Другога Сабору БПЦ, што адбыўся ў Менску ў жніўні 1927 г., быў «кананічна заканамерным і гістарычна неабходным». Акт аўтакефаліі, як казалася ў тым жа пасланьні, быў угрунтаваны на прынцыпе, што самакіраўніцтва становіць «душу найстарэйшага царкоўнага заканадаўства й практыкі (34-е і 37-е Апостальскія правілы, 9-е правіла Антыяхійскага Сабору)». (5) Апостальскае правіла 34-е кажа: «Епіскапам усякага народу належыцца ведаць першага спаміж сябе і прызнаць яго як галаву, і не тварыць безь ягонай развагі нічога, што перавышала б іхную ўладу». Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву ачоліў архіепіскап Менскі мітрапаліт Мэлхісэдэк Раеўскі.

Савецкая ўлада, аднак, хутка пасьля свайго ўмацаваньня павяла палітыку жорсткага перасьледу рэлігіі, канфіскуючы царкоўную маёмасьць і вынішчаючы сьвятарства. Былі арыштаваныя й загінулі ў канцлягерах або на выгнаньні сам мітрапаліт Мэлхісэдэк, а таксама епіскапы Мазырскі Іаан Пашын, Слуцкі Мікалай Шэмаціла ды Бабруйскі Філарэт Раменскі.

Зьнішчаючы царкву фізычна, камуністы змагаліся зь ёй таксама шляхам дывэрсіі. Дывэрсіяй быў рух за так званую абнаўленскую царкву. Падтрымваныя ўладай абнаўленцы намагаліся па цэлым Савецкім Саюзе «рэфармаваць» царкву шэрагам мерапрыемстваў дагматычнага й адміністрацыйнага характару. У Беларусі абнаўленцы абвесьцілі ў травені 1924 г. аўтаномію свае царквы, а ў студзені 1925 г. абралі свой Беларускі Сьвяшчэнны Сынод. Аўтаномія беларускіх абнаўленцаў была скасаваная ў сьнежні 1934 г., хоць сама царква трывала да пачатку вайны ў 1941 годзе. Паводле прафэсара Томаса Бэрда, «абнаўленская схізма не карысталася вялікай удачай сярод вернікаў у Беларусі». (6)

Пад Польшчай, дзе ў Заходняй Беларусі й Заходняй Украіне жыло каля пяці мільёнаў праваслаўных, аўтакефалія была адноўленая актам (томасам) Канстантынопальскага патрыярха Рыгора ІІІ у лістападзе 1924 году. У сваім томасе патрыярх пісаў: «Першае адлучэньне ад Нашага Прастолу Кіеўскай мітраполіі і Праваслаўных мітрапалітаў Літвы і Польшчы, што залежалі ад яе, а таксама далучэньне іх да Сьв. Маскоўскай Царквы адбылося аніяк не паводле прадпісаньня кананічных правілаў». (7) Польскую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (ПАПЦ) ачоліў мітрапаліт Дзяніс Валедзінскі з тытулам «Варшаўскі і ўсяе Польшчы». Мітраполія складалася зь пяці епархіяў, тры зь якіх былі на беларускіх землях: Віленская, Гарадзенская й Палеская. У гэтых трох епархіях налічвалася больш за дзьве тысячы цэркваў і пятнаццаць манастыроў. Маскоўская патрыярхія аднак не прызнала аўтакефаліі ПАПЦ.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у верасьні 1939 г. праваслаўныя ерархі ПАПЦ падпарадкаваліся Маскоўскаму патрыярху. Архіепіскап Пінска-Наваградзкі Панцялейман Ражаноўскі быў назначаны за экзарха Заходніх Украіны й Беларусі.

У часе нямецкай акупацыі (1941—1944 гг.) праваслаўныя дзеячы, духоўныя й сьвецкія, зрабілі наважаны крок да аднаўленьня аўтакефаліі БПЦ. Перамагаючы супраціў узгадаваных у расейскім духу некаторых ерархаў, яны здолелі дамагчыся скліканьня Усебеларускага Сабору, які адбыўся ў Менску 30 жніўня — 2 верасьня 1942 году. Сабор аднавіў аўтакефальную Беларускую Праваслаўную Царкву, прыняў статут ды іншыя дакумэнты. Ня ўсе пастановы сабору, аднак, былі праведзеныя ў жыцьцё, часткава дзеля абставінаў вайны, а часткава дзеля ідэйнага ваганьня ерархаў, іхнага русафільства.

Апынуўшыся на эміграцыі ў Заходняй Нямеччыне, ерархі БАПЦ — мітрапаліт Панцялейман, архіепіскап Філяфей Нарко, епіскапы Апанас Мартас, Іаан Лаўрыненка, Вэнэдыкт Бабкоўскі, Сьцяпан Сеўба і Рыгор Барышкевіч — далучыліся ў 1946 г. да Расейскай Праваслаўнай Царквы за Рубяжом, пакінуўшы сваіх вернікаў, якія за імі не пайшлі, на волю лёсу. Праваслаўныя беларусы на эміграцыі падзяліліся: адны, стварыўшы свае прыходы, аднавілі 5 чэрвеня 1948 г. на саборы ў Канстанцы (Заходняя Нямеччына) Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (БАПЦ), а другія, таксама арганізаваўшыся ў прыходы, увайшлі ў юрысдыкцыю Канстантынопальскага патрыярхату. Мала хто пайшоў за ўладыкамі ў Расейскую Зарубежную Царкву. У гісторыі беларускага праваслаўя й незалежніцкай ідэі пачаўся новы пэрыяд.


Спасылкі

1. А. Ф. Замалеев, В. А. Зоц. Мыслители Киевской Руси. Изд. 2-е. Киев, 1987. С. 130.
2. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989. С. 130.
3. И. Б. Греков. Восточная Европа и упадок Золотой Орды. Москва, 1975. С. 291.
4. Усевалад Ігнатоўскі. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі //Крыніца. 1990. №8. С. 40.
5. Архиепископ Афанасий Мартос. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Буэнос-Айрес, 1966. С. 260.
6. Thomas E. Bird. Orthodoxy in Byelorussia: 1917—1980 //Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Т. 17. Нью-Ёрк, 1983. С. 153.
7. Тамсама. С. 265.

* Захоўваецца аўтарская арфаграфія.

Падрыхтавана да друку ў «Запісах» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (БІНіМ, New York).
Друкуецца на правах рукапісу.
Мінск, 2005


 
 

 
Усеагульная дэкларацыя
правоў чалавека


Кожны чалавек мае
права на свабоду думкі,
сумлення і рэлігіі...
Канстытуцыя
Рэспублікі Беларусь


Кожны мае права
самастойна вызначаць
свае адносіны да рэлігіі...
Міжнародны Пакт
аб грамадзянскіх і палітычных
правах